Чытаем беларускія казкі

Дата: 12 марта 2019 в 22:30
Автор: Титова И. Н.
342 просмотра

Маша і мядзведзь

Жыла-была дзевачка Маша.
Пайшла яна з сяброўкамі ў лес чарніцы збіраць. Знайшлі дзевачкі невялічкую лапінку ягад, сабралі ўсе, ды пайшлі далей шукаць. Кусцік за кусцік, чарнічка за чарнічку, так і не заўважыла Маша, як заблудзілася.
Стала яна крычаць. Ніхто з сябровак не адгукваецца, звала, звала Маша, асіпла. А ўжо і змяркацца пачало. Цёмна ў лесе стала, страшна.
Спужалася дзевачка, заплакала. Пачала скрозь слёзы зваць:

«Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!»
Ніхто не адклікаецца. Толькі страшна гудзе лес ды рэха адгукаецца. Яшчэ раз крыкнула Маша:
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!
I раптам да яе данеслася:
- Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач!
Узрадавалася Маша, пачала крапчэй зваць:
- Хто ў бары, хто ў лесе, прыйдзі ка мне нанач!
— Я ў бары, я ў лесе, іду к табе нанач.
Глядзіць Маша, а з лесу вылазіць вялізны мядзведзь. Страшна дзевачцы стала, але ж думае, не адна буду.
Мядзведзь ёй і кажа:
- Пайшлі да мяне жыць.
Што зробіш, трэба ісці. Прывёў мядзведзь дзевачку ў бярлогу. А там цёмна, гразна. Узялася Маша, прыбрала ўсё. Дала мядзведзю чарніц і хлеба, які брала з сабой у лес. Наеўся мядзведзь і загадаў слаць пасцель.
- А як мне слаць? — пытае дзевачка.
- Рад камення, рад палення, ступу пад голаву, карытам накрыцца.
Цяжка было дзевачцы, але ж паслала, мядзведзь і заснуў. А Маша расплакалася, яшчэ страшней ёй стала, дамоў захацелася. Але як дабрацца ў вёску?
А жыла ў бярлозе пад печкай мышка. Яна таксама баялася мядзведзя. Маша дала ёй хлебныя крошкі. Паела мышка і кажа:
— Не плач, Маша, я цябе завяду дамоў.
Узрадавалася дзевачка і хуценька, пакуль спаў мядзведзь, выслізнула з мышкай з бярлогі.
Вывела мышка Машу з лесу, прывяла дахаты. Узрадаваліся бацькі. Накармілі мышку і вырашылі пакінуць яе ў сябе. 3 той пары і жывуць мышы побач з чалавекам.

Запісала Л.М. Драбовіч ад А.А. Мароз, жыхаркі в. Сцяпанаўка.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.