Першая па шэнгенскіх візах
Лічыцца, што беларусы мала падарожнічаюць, але, відаць, тыя, хто падарожнічае, абавязкова робіць гэта з шэнгенскай візай у пашпарце. Калі, канешне, лічыць падарожжам паездку ў віленскі «Акропаліс» ці беластоцкія гіпермаркеты. Тым не менш, факт ёсць – па колькасць атрыманых візаў Шэнген беларусы на першым месцы ў свеце. Штогод нашыя грамадзяне атрымоўваюць каля 700 тысячаў візаў, большасць выдае Польшча.
За пісьменную Беларусь!
Вы маглі не ведаць, але Беларусь адна з самых пісьменных краінаў у свеце. Паводле рэйтынгу ЮНЭСКА мы займаем 8-е месца з 99, 7 % пісьменных людзей сярод дарослага насельніцтва. Згодна са статыстыкай, самыя пісьменныя людзі жывуць у Азербайджане – 100%.
Сонечны Лондан, дажджлівы Мінск
Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне пра вечныя туманы і дажджы ў брытанскай сталіцы, наша сталіца больш бы падышла пад гэтае апісанне. Сярэднегадавая колькасць ападкаў у Лондане 584 мм, у Мінску больш за 700 мм. Колькасць сонечных гадзінаў цягам года ў нас 1200, у Лондане 1461. І не забывайце, снег у Брытаніі трымаецца ўсяго пяць дзён цягам года.
Ні мора, ні гораў
Калі не браць карлікавых дзяржаваў, то мы адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае ні доступу да мора, ні ўласных гораў. Дзіўна, але паўсюль ёсць горы, большыя за нашую гару Дзяржынскую, альбо мора. А часта і тое, і іншае разам. Затое, у нас калійная соль і штучныя горы пад Салігорскам.
Віза ў Вільню
Калі б беларусу трэба было патрапіць па набыткі ў Вільню 200 альбо 300 год таму, ён бы гэта зрабіў без ніякіх візаў. Дзіўна, але за ўсю гісторыю існавання гораду, з 1323, толькі апошнія 11 год, цягам якіх Літва з'яўляецца чальцом Еўразвязу і НАТО, патрапіць у Вільню беларусам вельмі цяжка і трэба рабіць візу.
Спецыяльны курс для студэнтаў Сарбоны
Роля Статутаў ВКЛ у нас недаацэнена. Выдатны помнік юрыдычнай думкі быў ацэнены адразу пасля выдання па ўсёй Еўропе і служыў удасканаленню канстытуцыйнай думкі на ўсім кантыненце. Нашыя школьнікі не вучацца разуменню велічнасці і значнасці гэтых дакументаў. Затое, гэта робяць студэнты прэстыжнага Сарбонскага ўніверсітэту ў Францыі – ёсць спецыяльны курс па вывучэнню Статутаў, які доўжыцца цэлы семестр.
Гарэлка для «Оскара»
На мяжы тысячагоддзяў нашыя прадуцэнты гарэлкі рапартавалі аб поспехах і аб тым, што канкурэнты засталіся далёка ззаду. Апроч словаў, былі дзеянні – беларускую гарэлку «Усяслаў Чарадзей» пілі на «Балі стагоддзя» у Манака і на цырымоніі ўручэння кінаўзнагародаў «Оскар». Дзіўна, што адшукаць звесткі аб гэтым зараз даволі складана, не кажучы пра фота маладога Ды Капрыё з чарачкай гарэлкі «Чарадзей». Ды і не зразумела, што сталася з нашымі тэхналогіямі і поспехамі, ды і з самой гарэлкай «Усяслаў Чарадзей».
Другая кніга пасля Бібліі
У нашых шыротах кніга «Атлант расправіў плечы» не вельмі вядомая, а вось за акіянам амерыканцы называюць яе другой па значнасці пасля Бібліі, якая аказала ўплыў на іхнае жыццё. Напісала яе Айн Рэнд, эмігрантка з савецкага Ленінграду. А вось яе бацька быў аптэкарам у Берасці.
Гэта адна з тых самых гісторыяў пра вядомых людзей, якія маюць беларускія карані: адзін з заснавальнікаў кампаніі «Metro-Goldwyn-Mayer» Луіc Мэер, былы прэм'ер-міністр Ізраілю Арыель Шарон ці генеральны дырэктар карпарацыі «Microsoft» Стывэн Балмэр ды іншыя.
«Жэстачайшы ўрбан»
Хоць «Дажынкі» і застаюцца адным з самых значных нацыянальных святаў, а бітва за ўраджай галоўнай інфармацыйнай нагодай канца лета, Беларусь робіцца ўсё больш урбаністычнай краінай. А сімвал урбанізму, як і належыць, знаходзіцца ў сталіцы. Невядома, ці ёсць яшчэ ў Еўропе прыклады гарадоў, якія выраслі гэтак імкліва за апошняе стагоддзе. Насельніцтва Мінска, да прыкладу, павялічылася за гэты час у 20 разоў. І што цікава, цяпер беларуская сталіца на 10-ым месцы па колькасці жыхароў у Еўропе.
Шляхамі Скарыны
Беларусь у еўрапейскіх лідарах у колькасці выдадзеных кніжак на мільён чалавек. Паглядзіце на гэтую мапу і будзеце моцна здзіўленыя.
Ідзі і глядзі
Калі вам давядзецца размаўляць пра беларускае кіно, можаце смела ўздыхаць і казаць «што раней было тое, чаго цяпер няма». Самы рэйтынгавы фільм «Ідзі і глядзі» высока ацэнены самім Стывенам Спілбергам, а ў Беларусі сёння пра яго мала хто згадвае.